АЛА́НДСКІЯ АСТРАВЫ́,

Ахвенанма (швед. Àland, фін. Ahvenanmaa), архіпелаг з 6,5 тыс. а-воў і шхераў, на ПнУ Балтыйскага м., каля уваходу ў Батнічны заліў. Пл. 1481 км², даўж. з Пн на Пд каля 130 км. Тэр. Фінляндыі. Нас. каля 23 тыс. чал. (1984). Складзены пераважна з гранітаў і гнейсаў. Паверхня ўзгорыстая (выш. да 132 м). Клімат умераны. Рыбалоўства, земляробства, жывёлагадоўля. Марскія курорты.

Да 1809 Аландскія астравы ў складзе Швецыі як частка яе правінцыі Фінляндыі. У маі 1718 — кастр. 1719 тут адбыліся перагаворы паміж Расіяй і Швецыяй (Аландскі кангрэс) адносна сканчэння Паўночнай вайны 1700—21. У 1809—1917 разам з Фінляндыяй належалі Расіі. У 1921 Савет Лігі Нацый прызнаў суверэннае права Фінляндыі на Аландскіх астравах. Паводле Жэнеўскай канвенцыі 1921 Аландскія астравы — дэмілітарызаваная і нейтральная зона. Напярэдадні 2-й сусв. вайны Фінляндыя пабудавала тут ваен. ўмацаванні. Пасля 2-й сусв. вайны (з 1947) Аландскія астравы зноў дэмілітарызаваны.

т. 1, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)